РУС БЕЛ ENG

Славутыя пісьменнікі

Іван Мележ

Іва́н Па́ўлавіч Ме́леж (8 лютага 1921, Глінішча, Гомельская губерня — 9 жніўня 1976, Мінск) — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Народны пісьменнік Беларусі (1972). Лаўрэат Ленінскай прэміі (1972) за раман «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1976) за зборнік «Жыццёвыя клопаты», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце».
развернуть

Васіль Быкаў

Васі́ль Уладзі́меравіч Бы́каў (19 чэрвеня 1924, Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці — 22 чэрвеня 2003) — выдатны беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзяяч, удзельнік нямецка-савецкай вайны. Народны пісьменьнік БССР (1980). Большасьць твораў — аповесьці пра нямецка-савецкую вайну, дзеяньне якіх адбываецца падчас нямецка-савецкай вайны і ў якіх паказаны маральны выбар чалавека ў найболей драматычныя моманты жыцьця.
развернуть

Кандрат Крапіва

Кандра́т Крапіва́, сапраўднае імя Кандра́т Кандра́тавіч Атрахо́віч (5 сакавіка 1896, в. Нізок, цяпер Уздзенскі раён — 7 студзеня 1991, Мінск) — беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік Беларусі (1956), Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій (1941, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). Акадэмік АН БССР (1950, чл.-кар. з 1940), доктар філалагічных навук (1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
развернуть

Максім Багдановіч

Максі́м Ада́мавіч Багдано́віч (27 лістапада (9 снежня) 1891, Мінск — 12 (25) мая 1917; псеўданімы: Максім Кніжнік; Maksim Krynica; Эхо; Иван Февралев і вытворныя; інш.) — беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, літаратуразнавец; класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы[5]. Багдановіч выступаў як крытык і гісторык літаратуры[6]. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу[7]. Нізка «Места» з адзінага прыжыццёвага зборніка паэта «Вянок» з’яўляецца першым узорам урбаністычнай лірыкі ў новай беларускай паэзіі[8]. Спадчына Максіма Багдановіча ўзбагаціла фонд беларускай культуры[9][10].
развернуть

 

 

 

Як паэт Максім Багдановіч быў заўважаны не адразу. Ён некалькі разоў дасылаў сшыткі сваіх вершаў у рэдакцыю газеты «Наша ніва», але рэдактар Аляксандр Уласаў адпраўляў іх у архіў.Выпадкова творы прачытаў таленавіты крытык Сяргей Палуян, які стаў шчыра бараніць вершы Максіма Багдановіча.

Максім Багдановіч — адна з самых цікавых і загадкавых асоб у гісторыі беларускай літаратуры. Ён быў з тых першаадкрывальнікаў, хто фарміраваў напрамкі развіцця літаратурнага працэсу пачатку ХХ стагоддзя і моцна паўплываў на далейшае развіццё прыгожага пісьменства Беларусі, хоць з дваццаці пяці гадоў свайго жыцця ён толькі пяць пражыў на Радзіме.

Нарадзіўся Максім 9 снежня 1891 года ў Мінску. У гэты час бацька будучага паэта працаваў загадчыкам і настаўнікам Мінскага гарадскога пачатковага вучылішча. У кватэры пры вучылішчы і нарадзіўся Максім (цяпер гэта вуліца Багдановіча, 25). Пазней сям’я пераехала ў Гродна ў вялікі драўляны дом. Сёння там размяшчаецца Музей Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Калі хлопчыку было пяць гадоў, памерла яго маці — Марыя Апанасаўна. Бацька Адам Ягоравіч вельмі балюча перажываў гэту трагедыю.  Для догляду за дзецьмі ён запрасіў з Адэсы сваю малодшую сястру Марылю і пераехаў з сям’ёй у Ніжні Ноўгарад, а потым — у Яраслаўль.

З успамінаў. Адам Ягоравіч Багдановіч, бацька паэта, пісаў пра Максіма: «Па складзе свайго характару, мяккага і жаночага, па весялосці свайго нораву, жывасці, спагадлівасці і ўражлівасці, па паўнаце і мяккасці назіранняў, па сіле ўяўлення, пластычнасці і разам маляўнічасці прадуктаў яго творчасці ён усё больш нагадваў сваю маці, асабліва ў дзяцінстве. <...> Яго паэтычны талент ёсць дарэнне яго маці, у ёй самой драмаўшае ў неразвітым стане».

Максім вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі, а таксама ў Яраслаўлі — у гімназіі, Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. Яшчэ падчас вучобы ў Ніжнім Ноўгарадзе захапіўся вершаскладаннем і вывучэннем беларускай культуры. У 1906 годзе хросная маці Вольга Сёмава выпісала яму беларускія газеты: спачатку — «Нашу долю», а пазней — «Нашу ніву». А ўжо ў 1907 годзе ў «Нашай ніве» з’явілася алегарычнае апавяданне Максіма Багдановіча «Музыка», пазней — вершы «Над возерам», «Вадзянік», «Лясун», «Возера». Друкаваліся яго творы і ў газеце «Голас», а таксама ў іншых выданнях.

З успамінаў. Калега Багдановіча па Яраслаўскай гімназіі Дзіядор Дзябольскі згадваў дзіўную асаблівасць памяці Максіма Багдановіча: ён мог імгненна завучваць на памяць і прозу, і паэзію, але яму цяжка давалася вывучэнне замежных моў (зрэшты, гэта спрыяла сяброўству з дасведчанымі ў мовах паненкамі Какуевымі).

Пасля заканчэння ліцэя ў 1916 годзе Максім перабраўся ў Мінск. У гэты час ён быў ужо цяжка хворы на сухоты, але ўладкаваўся працаваць сакратаром губернскай харчовай камісіі. У вольны час выязджаў у прытулкі для дзяцей бежанцаў, працаваў у бібліятэцы, наведваў вечарыны «Беларускай хаткі». У лютым 1917 года на грошы сяброў паехаў лячыцца ў Ялту, але гэта не дапамагло. 

Ноччу 25 мая 1917 года ў поўнай адзіноце Максім Багдановіч памёр. На пахаванні не прысутнічаў ніхто з родзічаў, бо Максім не жадаў нікога турбаваць сваімі праблемамі і не пакінуў адраса, дзе жыў у Ялце. У 1924 годзе беларускія паэты Уладзімір Дубоўка, Анатоль Вольны (Ажгірэй), Андрэй Александровіч адшукалі магілу паэта, пазней на ёй быў устаноўлены помнік.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Максім Багдановіч — адзін з пачынальнікаў філасофскай лірыкі ў гісторыі беларускай літаратуры.

2. Увёў у беларускую жанравую сістэму класічныя формы (трыялет, рандо, санет і інш.), якія вельмі арганічна ўпісаліся ў нацыянальную літаратуру. 

3. Адкрыў у беларускай паэзіі новыя тэмы, матывы, вобразы, напрыклад тэму горада.

4. Праз пераклады твораў рускай, украінскай, французскай, нямецкай і іншых літаратур даў магчымасць беларускаму чытачу пазнаёміцца з сусветнай класікай. Багдановіч вельмі любіў паэзію Верлена, выдатна перакладаў яе і сам ствараў мастацкія тэксты, блізкія эстэтыцы імпрэсіянізму.

5. Быў адным з пачынальнікаў беларускай прозы. Аўтар такіх эпічных твораў, як «Апокрыф», «Апавяданне аб іконніку і залатару» і інш.

6. Адзін з пачынальнікаў прафесійнай літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. Яго літаратурна-крытычныя працы «Глыбы і слаі», «Забыты шлях», «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За тры гады» і іншыя дагэтуль з’яўляюцца неацэннай крыніцай для даследчыкаў беларускай літаратуры.

 

свернуть

Максім Танк

Максі́м Танк, сапр.: Яўге́н Іва́навіч Скурко́ (17 верасня 1912, в. Пількаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер Мядзельскі раён Беларусь — 7 жніўня 1995, Мінск, Беларусь; Іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт) — беларускі і савецкі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік беларускай літаратуры[2]. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Разуменне ім маралі, дабра і зла, прыгожага і агіднага грунтуецца на этычных і эстэтычных поглядах беларускага хлебароба. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм, шырокамаштабнасць, найноўшыя мастацкія формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет) арганізацыі верша.
развернуть

Уладзімір Караткевіч

Уладзі́мір Сямё́навіч Каратке́віч (26 лістапада 1930, Орша — 25 ліпеня 1984, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя[2]. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву[3]. Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам[4]. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі»[5][6].
развернуть

Уладзімір Караткевіч

Біяграфія

 

Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы... У. Караткевіч.

«Укараніцца на камяністым, неўладкаваным беразе жыцця, мудра, уладна, пяшчотна свідраваць каранямі зямлю. Араць яе для будучыні. Як чазенія…» У гэтых радках з непаўторнай аповесці «Чазенія» жыццёвае і творчае крэда яе аўтара. Так самаахвярна і апантана жыў і пісаў дзеля Беларусі свае неўміручыя творы Уладзімір Караткевіч.

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы ў сям’і інтэлігентаў. Яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. У аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» Уладзімір Сямёнавіч пісаў: «У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэйшая сястра і я». Сямейнае асяроддзе, духоўная атмасфера ў ім былі вельмі спрыяльныя для развіцця будучага пісьменніка. «Сям’я, — як успамінае сястра пісьменніка Наталля Кучкоўская, — была вельмі спакойная. Мы, дзеці, ніколі не чулі, каб бацькі сварыліся. Да нас яны ставіліся заўсёды чула і разумна. Калі цяпер чую ці чытаю пра Валодзеву дабрыню, сардэчнасць, павагу да людзей, думаю, што гэта ўсё вынік выхавання ў сям’і. Талент ад Бога, а ўсё астатняе — ад маці і бацькі». Прадзед з боку маці ўдзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, камандаваў атрадам і быў расстраляны ў Рагачове па загадзе Мураўёва. Дзед У. Караткевіча, бацька Надзеі Васільеўны, з’яўляўся неардынарнай асобай, валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам. Ад яго будучы пісьменнік пачуў многа легенд, казак. Сын расстралянага паўстанца, ён перадаў унуку пачуцці патрыятызму, годнасці, характэрныя для іх роду. 

Дзед Васіль быў тым чалавекам, які, на думку Наталлі Кучкоўскай, «даў Валодзю ўрок натуральнай беларускасці, бо маці... па-беларуску не гаварыла. Лічыла, што недастаткова ведае мову. Бацька больш карыстаўся дыялектам. А сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзю глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы». 

У лісце да Максіма Танка У. Караткевіч так пісаў пра свайго дзеда: «Які гэта быў цікавы чалавек! <…> Яго мова — гэта быў каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў... Трэба было паслухаць, як ён распавядае байкі пра нашых пашахонцаў — Маркавічан. Публіка рагатала да рэзі ў жываце. Больш за ўсё я шкадую, што ён так рана памёр, што я быў малы і мала што памятаю, што не запісаў гэткага цуду. Але менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго цікавага распавядаў), навучыўся лавіць самоў “на квок”, палюбіў бадзяцца і іншае. 

А якія ён распавядаў легенды... Пра вужыную каралеву, пра чорную курыцу волатаў, пра караля мятлушкаў, пра вялікую змяю “Дзебраў” (колішняе ўрочышча Дзебры пад Магілёвам), пра Яна Прыгожага і князя Ладымяра, пра лебядзіны скіт, пра скарб аднавокага народа, пра дрэва смерці (гэтую легенду я пазней запісаў у Руклях, што пад Смаллянамі, але ў горшым, здаецца, варыянце), пра явар і каліну — мужа і жонку, пра звон, які патануў, пра горад на дне возера. І яшчэ многае-многае».

У доме Караткевічаў было мноства кніг: «і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае». Усё гэта паспрыяла таму, што маленькі Валодзя ў тры з паловай гады навучыўся чытаць, а пісаць — трохі пазней. У гадоў шэсць пачаў ствараць вершы.

Дзяцінства У. Караткевіча, як і многіх аднагодкаў, было апалена вайной, што застала яго ў Маскве, дзе вучылася сястра Наташа, да якой ён прыехаў на летнія канікулы. Разам з іншымі маскоўскімі дзецьмі хлопчык быў эвакуіраваны на Разаншчыну, а калі лінія фронту наблізілася і да яе, то іх дзіцячы дом эвакуіравалі на Урал. Караткевіч хваляваўся за лёс бацькоў, шукаў іх. Ён лічыў сябе дарослым і хацеў змагацца з ворагам. Некалькі разоў спрабаваў уцячы на фронт, але гэтыя спробы заканчваліся тым, што яго вярталі ў інтэрнат. Праз некаторы час ён выпадкова даведаўся, што яго бацькі ў Арэнбургу, і рушыў да іх. У Арэнбургу У. Караткевіч скончыў шэсць класаў. Неўзабаве разам з маці пераехаў у Кіеў, дзе жыла яго цётка. Гэты перыяд жыцця па-мастацку ўвасоблены ў аповесці «Лісце каштанаў».

 Пасля вызвалення Беларусі сям’я Караткевічаў вяртаецца на радзіму ў Оршу, дзе будучы пісьменнік атрымаў сярэднюю адукацыю. Голад, холад, нястачы першых пасляваенных гадоў таксама зведаны пісьменнікам. Але ўсё гэта не заглушыла ў яго душы імкнення да выкладу сваіх думак, пачуццяў на паперы, цягі да стварэння вершаў. Некаторыя яго вершы былі змешчаны на старонках рукапіснага часопіса, які выпускаўся Караткевічам і яго сябрамі ў гады навучання ў школе. Пазней пісьменнік з удзячнасцю згадваў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Кацярыну Іванаўну Грыневіч, якой ён даваў чытаць свае вершы і якая падтрымала яго першыя спробы пяра.

У 1949—1954 гадах У. Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. У час вучобы ва ўніверсітэце юнак актыўна займаўся навуковай працай. Яго часта бачылі ў чытальных залах схіленым над старажытнымі фаліянтамі, што трапілі ў Кіеў пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта.

У студэнцкія гады будучы майстар слова ўдзельнічаў у археалагічных раскопках, супрацоўнічаў з музеямі, пісаў вершы, хоць і не збіраўся быць пісьменнікам. Гады вучобы ў Кіеве аказалі значны ўплыў на фарміраванне будучага мастака слова. Сястра пісьменніка Наталля Кучкоўская так вызначае значнасць гэтага ўплыву: «Па-першае, яго захапленне самім горадам, украінскай культурай, помнікамі старажытнасці яшчэ больш разбудзіла ў ім беларуса, дапамагло вастрэй адчуць, што і Беларусь багатая на спадчыну. Па-другое, ён зразумеў, што трэба дасканала ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны... Менавіта Валодзя адкрыў мне вочы на мінуўшчыну нашай роднай Аршаншчыны. Колькі разоў хадзіла паўз Куцеінскі манастыр, Ільінскую царкву, рэшткі Васкрасенскага сабора і базыльянскага манастыра, царкву Пятра і Паўла (якой сёння ўжо няма зусім), а нават не здагадвалася, што за гэтым стаіць... Валодзя ў студэнцтве пачаў сур’ёзна вывучаць мінулае нашага краю. І ў літаратуру ён прыйшоў з глыбокім веданнем гісторыі і разуменнем яе сэнсу ў жыцці». Ён зацікавіўся гісторыяй паўстання 1863—1864 гадоў, і пасля заканчэння ўніверсітэта яго рэкамендавалі для навучання ў аспірантуры. Аднак падыходы У. Караткевіча да паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага не адпавядалі тагачасным ацэнкам. Таму навуковым планам юнака не суджана было здзейсніцца, ён быў вымушаны пакінуць сталіцу Украіны, настаўнічаў у глухой вёсцы Лесавічы на Кіеўшчыне. У гэты час Уладзімір Сямёнавіч шмат займаўся творчасцю: пісаў вершы, апавяданні, артыкулы, актыўна перапісваўся з сябрамі. У адным з лістоў у Беларусь даслаў вершы на роднай мове. Сябар аддаў іх у рэдакцыю часопіса. У 1955 годзе ў «Полымі» быў надрукаваны верш У. Караткевіча «Машэка». З гэтага часу вядзецца адлік літаратурнай дзейнасці пісьменніка.

Неўзабаве ў друку пачалі з’яўляцца іншыя творы паэта-пачаткоўца. Яго заўважылі і падтрымалі старэйшыя сябры па пяры. У 1956 годзе У. Караткевіч вярнуўся на радзіму, нейкі час працаваў настаўнікам у адной са школ Оршы.  Гады, праведзеныя ўдалечыні ад Радзімы, абвастрылі патрыятычныя пачуцці пісьменніка. Яго непакоіла тое, што вучні адлучаны ад гераічнага мінулага свайго народа. У лісце да Максіма Танка ён прызнаваўся: «Дзеці дрэнна ведаюць гісторыю. А мне б вельмі хацелася, каб людзі раптам адкрылі мора паэзіі ў беларускай гісторыі, як калісьці ў шатландскай».

У 1957 годзе У. Караткевіча прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. У гэты перыяд майстар слова шмат пісаў, але друкаваўся мала. Тым не менш у 1958 годзе ўбачыў свет яго першы паэтычны зборнік — «Матчына душа», які засведчыў, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны творца з багатай фантазіяй, адметным бачаннем свету.

Неўзабаве ён паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскву, а затым яшчэ і на сцэнарныя, трапіў у цікавае асяроддзе, што плённа паўплывала і на яго творчасць. У 1960 годзе выйшла з друку яго другая кніга паэзіі — «Вячэрнія ветразі», а затым — зборнік прозы «Блакіт і золата дня». «З першых кніг У. Караткевіча стала зразумела, што ў беларускую літаратуру прыйшоў аўтар самабытнага і яркага даравання, са сваім рамантычна-чалавечым успрыманнем і асвятленнем жыцця», — сцвярджае А. Русецкі. Прыйшоў, як зазначае В. Каваленка, на не занятую нікім вольную «тэрыторыю» ў нацыянальнай прозе, каб вярнуць свядомасці беларускай літаратуры мінулае народа, апаэтызаваць яго, зрабіць яго прыцягальным для сучаснага чытача. «Як ні парадаксальна, — пісаў В. Быкаў, — але менавіта... у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць — паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа».

У Маскве быў задуманы раман «Нельга забыць», аднак яго мастацкая праўда не задаволіла некаторых крытыкаў. Кніжны варыянт твора, набраны да друку, так і не выйшаў у свет. Раман пад новай назвай «Леаніды не вернуцца да Зямлі» ўбачыў свет толькі праз дваццаць гадоў. За гэты раман у 1982 годзе У. Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. А за раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа ў 1984 годзе (пасмяротна).

Па сведчанні У. Калесніка, «душа Караткевіча не зносіла ўціску і падпарадкавання. <…> Нягледзячы на знешнюю дынамічнасць i кампанейскасць, Караткевіч у душы быў задумлівым і летуценным сузіральнікам, не зноciў... вэрхалу і тлуму, не прызнаваў прыярытэту спраў над духоўнымі вартасцямі, не любіў выступаць на афіцыйных сходах, удзельнічаць у кіраўнічых цырымоніях, лічыў усё такое насланнём, замахам на свабоду душы, на святое права жыць па-свойму...». Таму пасля вяртання ў Miнск У. Караткевіч стаў вольным літаратарам і ўсяго сябе аддаў творчасці.

Жывучы па-свойму, ён шмат падарожнічаў. У 1963 годзе разам з Я. Брылём i У. Калеснікам — па Заходняй Беларусі. У лісце да вядомага беларускага гісторыка, археографа, этнографа, краязнаўцы М. Улашчыка ён прызнаваўся: «А Беларусь і мне здавалася аднастайнай, пакуль ведаў я Оршу ды Рагачоў. А як пабываў на Наваградчыне, прайшоў Палессе, паўночны азёрны край, Белавежу і іншае — пераканаўся, што гэта цэлы сусвет у Сусвеце, розны, разнастайны, з самымі непадобнымі людзьмі, краявідамі, дрэвамі. І ў кожнай ракі, у кожнага возера, у кожнага гарадка (што асабліва датычыцца Палесся і Заходняй Беларусі, якія менш нівеліравала вайна) сваё аблічча, невыказна цікавае, калі да яго прыгледзішся». Працуючы над гістарычным раманам «Каласы пад сярпом тваім», У. Караткевіч неаднойчы бываў у Вільнюсе, у яго apxiвax. Лёс закінуў У. Караткевіча i яго сябра Р. Барадуліна на Далёкі Усход, уражанні ад паездкі пакладзены ў аснову аповесці «Чазенія».

Уладзімір Сямёнавіч быў выдатным апавядальнікам і ўмеў слухаць іншых. Ён пісаў: «Я ж, браце, вандроўнік зацяты. Колькі пераходжана гэтымі хворымі нагамі, колькі перабачана гэтымі стомленымі вачыма! А яшчэ архівы. Табе і ў страшным сне не прысніцца… колькі старонак дакументаў перагартаў. Не толькі дома, але і ў Кіеве, Львове, Вільні, Ленінградзе і далёка за мяжою».

 Акрыліў творцу, усяліў упэўненасць у правільнасці абранага шляху поспех гістарычна-дэтэктыўнай аповеcцi «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964). Натхнёны пісьменнік пачаў рыхтаваць да друку раман «Каласы пад сярпом тваім», які асобным выданнем выйшаў у 1968 годзе. Неўзабаве раман быў перакладзены на рускую мову i двойчы выдадзены ў Маскве. Да аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але i міжнароднае прызнанне. У 1969 годзе быў надрукаваны паэтычны зборнік У. Караткевіча «Мая Іліяда».

Поспехам у чытача карысталіся яго аповесці «Чазенія» i «Лісце каштанаў». Першая з ix асобнай кніжкай выдадзена спачатку ў перакладзе на рускую мову (1969) i толькі ў 1970 годзе — у арыгінале. Аповесць «Лісце каштанаў» увайшла ў зборнік «Вока тайфуна» (1974). Адначасова з аповесцямі У. Караткевіч працаваў над сцэнарыем фільма «Жыццё i ўзнясенне Юрася Братчыка». Але пасля таго, як забароненая стужка лягла на паліцу, аўтар пераўтварыў сцэнарый у раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1972).

Кінематографу аўтар «Матчынай душы» ўвогуле ахвяраваў многа часу, бо лічыў яго магутнай сілай, што ўздзейнічае адначасова на ты­сячы, а то i мільёны гледачоў. Уладзімір Караткевіч — аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Гнеўнае сонца, пякучае», «Сведкі вечнасці», «Памяць каменя», «Будзь шчаслівай, рака», мастацкага фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» i інш. Па сведчанні А. Мальдзіса, фільм «Памяць» здзівіў гледачоў: «...аказваецца, i ў Беларусі ёсць многа вартага дбайнай аховы — замкі i храмы, палацы i ансамблі жылых дамоў, ветракі i лямусы, корчмы i паштовыя станцыі. У часы, калі мінуўшчына перадавалася анафеме, калі ў Віцебску ўзарвалi Благавешчанне, у Магілёве — ратушу, а ў Гродне — касцёл, пабудаваны яшчэ пры Biтaўцe, усё гэта ўспрымалася як смелае, ледзь не крамольнае».

Нарэшце ўладкавалася i асабістае сямейнае жыццё пісьменніка. Ён ажаніўся з выкладчыцай Брэсцкага педінстытута, з якой пазнаёміўся на чытацкай канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім». Караткевічы дапамагалі адно аднаму не толькі ў хатняй, але i ў творчай рабоце. Валянціна Браніславаўна працавала ў калектыве акадэмічных навукоўцаў, які рыхтаваў шасцітомнік «Помнікі культуры Бeлapyci». У навуковых экспедыцыях часта ўдзельнічалі абое Караткевічы, жонка — па абавязку, а муж — па ўласнай ахвоце. Пісьменнік стаў энцыклапедычным знаўцам культуры Заходняга Палесся. Вынікам яго вандровак па Белаpyci, барацьбы за яе спадчыну стала запаветная кніга «Зямля пад белымі крыламі». Заказалі Уладзіміру Сямёнавічу гэту кнiгy ўкраінцы для cвaix школьнікаў i тых, хто захоча пазнаць братоў-беларусаў.

 У 1974 годзе ўбачыла святло рампы гістарычная п’еса У. Караткевіча «Званы Віцебска». Аўтара ўпершыню выбралі ў праўленне Саюза пісьменнікаў БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры, даверылі весці на беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына».

Караткевіч шмат працаваў. Пра тое, як пісаліся яго творы, гаварыў у шматлікіх інтэрв’ю. «Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда». Цікавасць выклікае і адказ на пытанне «У каго вучыўся?» — «Цяжкае пытанне. Бадай, больш у Багдановіча, Купалы, Коласа і Гарэцкага. Люблю Кіплінга. Але заўсёды імкнуўся заставацца ў творчасці самім сабой».

Па ўспамінах А. Мальдзіса, у жыцці У. Караткевіча было ўсё: творчыя ўзлёты i глыбокія дэпрэсіі, радасць ад сустрэч з удзячнымі чытачамі i пакуты, выкліканыя хваробамі блізкіх пісьменніку людзей. Балючым ударам для творцы стала страта маці і жонкі. Усё гэта абвастрыла ўласную хваробу.

25 ліпеня 1984 года У. Караткевіча не стала. У развітальным артыкуле «Быў. Ёсць. Будзеш!», змешчаным у газеце «Літаратура і мастацтва», Рыгор Барадулін вызначыў ролю свайго сябра ў нацыянальным быцці народа: «Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказаў узор служэння Радзіме, народу, мове. Ты даў усім нам урок сумленнасці. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае, па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутнёныя. Кнігі твае чыталіся, чытаюцца і чытацца будуць, бо яны напісаны як бы навыраст. Тыя, што прыйдуць услед за намі, будуць зайздросціць нам як тваім сучаснікам, тваім першачытачам».

Рыгор Барадулін не памыліўся, У. Караткевіч і сёння застаецца любімым і чытаемым пісьменнікам. Яго творы перакладзены на многія замежныя мовы. Караткевічавым словам гаворыць з усім светам душа Беларусі.

Інтэрпрэтацыя твораў У. Караткевіча кінарэжысёрамі, рэжысёрамі тэатра — новыя, арыгінальныя творы мастацтва. Паводле раманаў «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны мастацкія фільмы. У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (цяпер — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа) шмат гадоў значыліся гістарычныя драмы «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі», Вялікі тэатр Беларусі паставіў оперы паводле аповесцей «Сівая легенда» і «Дзікае паляванне караля Стаха».

 

свернуть

Уладзімір Корбан

Уладзімір Іванавіч Корбан (25 жніўня 1910, Барань, Аршанскі раён, Віцебская вобласць — 30 лістапада 1971) — беларускі літаратар, байкапісец. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1970).
развернуть

                                 Уладзімір Іванавіч Корбан

25 жніўня 1910 года ў пасёлку Барань, што на Аршаншчыне, нарадзіўся вядомы беларускі паэт-сатырык Уладзімір Іванавіч Корбан. Першыя  літаратурныя творы ён надрукаваў у 1945-м, а ўжо праз тры гады быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Амаль два дзесяцігоддзі Уладзімір Іванавіч працаваў у часопісе «Вожык», а ў 1967—1971 гадах быў яго галоўным рэдактарам. У 1970-м яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры». У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. Аўтар шматлікіх зборнікаў сатырычных вершаў, баек і фельетонаў (чатыры кнігі пабачылі свет у «Бібліятэцы «Вожыка» — «Дакладныя прыкметы» (1958), «Сіняк» (1964), «Дзям’янава юшка» (1970), «Жук і мёд» (1980)), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982).

«Дакладныя прыкметы» сваіх герояў У. Корбан ведаў, як ніхто іншы. Пэўна, таму такой папулярнасцю карысталіся ў чытачоў яго байкі, якія і сёння гучаць, нібы толькі што напісаныя.

(Дарэчы, у 2010 годзе напрыканцы верасня на Аршаншчыне праходзілі юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю знакамітага байкапісца. Адбыліся сустрэчы з чытачамі Аршанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі ў г. п. Бабінічы і аршанскай бібліятэкі імя У. Корбана, у маляўнічым бараньскім сасновым парку прайшло тэатралізаванае гарадское свята «Наш славуты зямляк», а ў зале Палаца культуры г. Барані — галоўная юбілейная вечарына. Дзякуючы тагачаснаму старшыні гарвыканкама г. Барані Васілю Русакову, у скверы каля сярэдняй школы № 15 г. Барані, якая носіць імя У. І. Корбана, з нагоды стогадовага юбілею слыннага творцы была пасаджана новая алея, а таксама зроблены і адкрыты Памятны знак у гонар У. Корбана. Планавалася, што гэты камень у будучым стане падмуркам помніка знакамітаму сатырыку.

 

свернуть

Францішак Багушэвіч

Франці́шак Бенеды́кт Казімі́равіч Багушэ́віч (21 сакавіка 1840, фальварак Свіраны, Віленская губерня — 28 красавіка 1900, вёска Кушляны, Віленская губерня) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік. Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Францішка Багушэвіча стала падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст. Карыстаўся псеўданімамі Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.
развернуть

 

 

        Пад час паўстання 1863—1864 гадоў былы настаўнік Доцішскай школы Францішак Багушэвіч ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. У сутычцы з рускай арміяй ён быў паранены. Ад смерці пісьменніка выратавалі сяляне. Праз колькі гадоў юрыст Багушэвіч стане «сялянскім адвакатам» і будзе бясплатна абараняць правы простых людзей у судзе.

Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты.

Бацька паэта Казімір Багушэвіч мусіў даказваць сваё шляхецтва ў геральдычнай камісіі расійскага Сената. Неўзабаве пасля нараджэння Францішка Багушэвічы пераехалі ў спадчынны маёнтак Кушляны, што ў Ашмянскім павеце. Там прайшло дзяцінства хлопчыка. Пачатковую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі. У навучальнай установе Багушэвіч надзвычай зацікавіўся гісторыяй і нават прыняў удзел у збіранні экспанатаў для Віленскага музея старажытнасцей.

Ёсць вялікая верагоднасць таго, што ў Вільні Францішак пазнаёміўся з вядомым польска­беларускім паэтам Уладзіславам Сыракомлем. Ва ўсякім разе Францішак быў запрошаны на адкрыццё музея, дзе прысутнічала ледзь не ўся інтэлектуальная эліта: Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ігнат Ходзька. Словам, паэт трапіў у кола патрыятычна настроеных, надзвычай адукаваных і прагрэсіўных людзей, якія, безумоўна, паўплывалі на яго сталенне. Атмасфера ў гэтым асяроддзі нагадвала тую, што некалі была сярод філаматаў і філарэтаў, і зусім невыпадкова, што менавіта філаматы (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан) сталі для Багушэвіча своеасаблівым маральным і жыццёвым арыенцірам.

У 1861 годзе Францішак Багушэвіч завяршыў навучанне ў гімназіі. Яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Наперадзе — бліскучыя перспектывы. Паэт паступіў на фізіка­матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. Пачаліся студэнцкія хваляванні супраць новых правілаў, якія абмяжоўвалі правы студэнтаў. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы». Тым часам студэнцкі пратэст стаў такім сур’ёзным, што хутка прашэнне аб звальненні падаў сам рэктар, а напрыканцы снежня ўніверсітэт наогул быў часова закрыты ўладамі.

Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. Беларусь (як і іншыя землі былой Рэчы Паспалітай) знаходзілася ў перадрэвалюцыйным стане, людзі марылі аб свабодзе. У 1863 годзе выбухнула паўстанне, і Францішак Багушэвіч прыняў у ім удзел. Змагаўся ў Аўгустоўскіх лясах, дзе быў паранены. Нейкім цудам яму ўдалося пазбегнуць трагічнага лёсу кіраўнікоў паўстання. Багушэвіч быў вымушаны скрывацца, з’ехаць з Беларусі на тэрыторыю Украіны, хоць у тагачасных умовах гэта было перамяшчэнне ў межах адной дзяржавы — Расійскай імперыі.

У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Гэта быў надзвычай складаны перыяд жыцця паэта: яму даводзілася літаральна змагацца за жыццё, хапацца за любую магчымасць зарабіць на кавалак хлеба. Атрымаўшы атэстат, Багушэвіч спачатку пераехаў у Чарнігаў, потым — у Кралявецкі павет, потым зноў у Чарнігаў. Працаваў судовым следчым.

У 1871 годзе яго перавялі ў Валагодскую губерню. Для такіх частых пераездаў, зразумела, была свая прычына — былы паўстанец скрываўся, не мог рабіць кар’еру, бо гэта прыцягнула б да яго залішнюю ўвагу. Толькі ў 1883 годзе, праз 20 гадоў пасля паўстання, пасля каранацыі Аляксандра ІІІ была аб’яўлена амністыя. Тады сотні «ўдзельнікаў польскага мяцяжу» пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну.

У 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша.

На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.

Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам, хаця не выключана і тое, што да мастацкага слова паэт звяртаўся значна раней, яшчэ падчас свайго навучання ў Нежынскім ліцэі.

Паэтычныя зборнікі Францішка Багушэвіча выклікалі неадназначную рэакцыю ў сучаснікаў. Знаходзіліся «добразычліўцы», якія папракалі паэта ў залішняй увазе да «мужыцкай» мовы і культуры. Надзвычай прыхільна да беларускамоўных вершаў Багушэвіча паставілася пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна адзначыла і мілагучнасць, і хараство беларускай мовы, і багатую палітру паэтычнага таленту аўтара «Дудкі беларускай».

У 1891 годзе ў Кракаве першы зборнік паэта «Дудка беларуская» выйшаў неверагодным па тым часе тыражом у 3000 экзэмпляраў і актывізаваў кнігавыданне: пасля яго пачалі штогод выходзіць кнігі па­беларуску, аўтарскія або перакладныя. Беларуская мова ў ім перадавалася не кірылічным, а лацінскім шрыфтам — беларускай лацінкай. Зборнік складаўся з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі — «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».

У 1907 годзе, праз сем гадоў пасля смерці Францішка Багушэвіча, кніга «Дудка беларуская» была перавыдадзена суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ў дарагім (50 капеек) і танным (25 капеек) афармленні. Потым кніга вытрымала яшчэ пяць перавыданняў і была адной з самых шматтыражных на мяжы стагоддзяў.

Францішак Багушэвіч узяў сабе псеўданім — Мацей Бурачок. Такое імя спатрэбілася, каб чытач хутчэй даверыўся аўтару, які нібыта быў такім самым селянінам, а не збяднелым шляхціцам татарскага паходжання, кім па крыві насамрэч быў Францішак Багушэвіч.

Навукоўцы гавораць. Паводле Ігара Запрудскага, псеўданімы Мацей і Сымон былі абраныя Францішкам Багушэвічам невыпадкова: Мацей выступае як «той, хто гаворыць», а Сымон (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы) — як «той, хто чуе». Так, у другім зборніку «Смык беларускі» паэт зрабіў адсылку да першай кнігі: быццам бы Сымон Рэўка з­пад Барысава, прачытаўшы «Дудку беларускую» Мацея Бурачка, пачуў беларускае слова і таксама стаў пісаць.

Другі прыжыццёвы зборнік «Смык беларускі» Францішак Багушэвіч выдаў, хутчэй за ўсё, у Познані ў 1894 годзе.

Навукоўцы гавораць. Верш «Смык», што даў назву другой кнізе паэта, верагодна, прысвечаны яго дачцэ Канстанцыі (Туні), на будучыню якой паэт ускладаў шмат спадзяванняў, нават вазіў яе ў Дрэздэн для навучання музыцы і спевам. Дзяўчына раптоўна страціла свой чароўны голас. А смык — гэта музыкатворчы інструмент, які павінен быў даць голас, відаць, не толькі самому паэту (Паводле Ігара Запрудскага).

Як і першая кніга, ён быў надрукаваны лацінкай, хоць пазней перавыдаваўся і кірыліцай. Падобна да таго, што, ужываючы некалькі псеўданімаў, Францішак Багушэвіч імітаваў наяўнасць актыўнага літаратурнага жыцця, прысутнасць на беларускім паэтычным Парнасе адразу некалькіх аўтараў. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка” — вот і мы зробім музыку». Гэта спатрэбілася, каб давесці чытачу, што беларусы нарэшце абудзіліся, што ўсё часцей з іх шэрагаў выходзяць паэты, а значыць, ёсць надзея на нацыянальнае і сацыяльнае адраджэнне.

Увогуле, тагачасныя псеўданімы мелі шмат функцый. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што прыналежнасць да шляхецкага саслоўя была ў ХІХ стагоддзі спосабам ідэнтыфікацыі: калі шляхціц, то паляк. Прычым слова «паляк» выкарыстоўвалася для абазначэння не этнічнай, а дзяржаўнай прыналежнасці.

У гэтых умовах Францішак Багушэвіч напісаў: «Маліся ж, бабулька, да Бога, каб я панам ніколі не быў», сцвярджаючы нешляхецкую і няпольскую нацыянальную прыналежнасць мясцовага насельніцтва. З той жа прычыны Цётка ў прадмове да «Скрыпкі беларускай» звярталася да чытачоў ад імя Гаўрылы з Полацка — тутэйшага чалавека: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова “тутэйшы” мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Бурачка». Іншымі словамі, Цётка, як і многія чытачы твораў Францішка Багушэвіча, зразумела беларускасць гэтага аўтара праз яго адмаўленне ад «шляхецкасці» на карысць «мужыцкасці», што паказвалі і абраныя ім псеўданімы — Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.

Змест зборніка «Смык беларускі» вельмі блізкі паводле сацыяльнай скіраванасці і вобразнага напаўнення да кнігі «Дудка беларуская». У яго ўвайшлі творы розных жанраў: вершы, песні, калыханка, балада, байка.

Навукоўцы гавораць. «Адзін сходзіць к народу са сваёю творчасцю. Другі сваёй творчасцю выходзіць з гэтага народу. Ад свету да народу — зверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча (Дуніна-Марцінкевіча. — Аўт.) і, наадварот, ад народу да асветы — знізу ўверх — ішоў Францішак Багушэвіч» (Крытык Адам Бабарэка, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (1920-я гады)).

У 1896 годзе Францішак Багушэвіч неспадзявана атрымаў спадчыну і адбудаваў сядзібу ў Кушлянах. Паэт падаў у адстаўку і вырашыў прысвяціць астатак жыцця творчасці. У красавіку 1900 года пад страхой бацькоўскага дома Францішак Багушэвіч памёр, аднак пакінуў пра сябе самую светлую памяць, застаўся ў гісторыі Беларусі як адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Францішак Багушэвіч даў беларускай літаратуры ўзор аўтарскай сялянскай паэзіі. Нават псеўданімы падбіраў адпаведныя: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з­пад Барысава. Да яго беларускамоўныя творы былі альбо ананімныя, альбо напісаныя шляхціцамі пра мужыкоў. Шляхціц жа Багушэвіч для актывізацыі літаратурнага працэсу пісаў ад імя селяніна.

2. Багушэвіч быў аўтарам першай цалкам беларускамоўнай кнігі паэзіі, стварыў першыя беларускія апавяданні «Тралялёначка», «Дзядзіна», «Палясоўшчык». З 1891 года, калі была выдадзена яго першая кніга, пачалі штогод выходзіць кнігі па­беларуску, аўтарскія альбо перакладныя.

3. Паэт сваёй творчасцю ініцыяваў узнікненне крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.

4. У прадмове да «Дудкі беларускай» Багушэвіч падняў статус беларускай мовы ад гаворкі да еўрапейскай мовы, абапіраючыся на звесткі па дэмаграфіі, гісторыі і геаграфіі Беларусі, якія таксама сталі адкрыццём для яго чытачоў.

5. Францішак Багушэвіч вызначыў развіццё беларускай літаратуры на некалькі дзесяцігоддзяў наперад: надзвычайная папулярнасць яго вершаў пра сялян і сялянскае жыццё паказала паэтам наступных пакаленняў запатрабаванасць і важнасць гэтай тэмы.

 

 

 

свернуть

Якуб Колас

Яку́б Ко́лас, сапр. Канстанці́н Міха́йлавіч Міцке́віч (22 кастрычніка (3 лістапада) 1882, засценак Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) — 13 жніўня 1956, Мінск) — беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1926). Акадэмік АН Беларусі (1928). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).
развернуть

Якуб Колас

        Біяграфія Якуба Коласа

 

Цікавыя звесткі з біяграфіі Якуба Коласа.

Нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) 3 лістапада 1882 г. у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. У той час у Акінчыцах было каля 10 сялянскіх двароў, дом ляснічага, канцылярыя лясніцтва. Бацька Коласа Міхала Казіміравіч Міцкевіч працаваў лесніком акінчыцкай каморы ў лясніцтве польскага магната кн. Радзівіла.

Акінчыцы. Лясная камора

У 1883 г. сям'я Міцкевічаў перабіраецца з Акінчыц* у Ласток (Сухошчына), дзе жыве да 1890 г. Разам са старэйшымі братамі Уладзем і Алесем вучыцца ў вандроўнага настаўніка – Алеся Фурсевіча. З 1892 г. – у Мікалаеўшчынскай пачатковай школе, дзе захапляецца байкамі Крылова, вершамі Пушкіна, апавяданнямі Гогаля. Знаёміцца з вершамі Лермантава, Жукоўскага, Някрасава, казкамі і апавяданнямі Л.Талстога, з творамі (у рукапісе) на беларускай мове (вершы Янкі Лучыны). У 1894 г. з’яўляюцца першыя літаратурныя вопыты — байка «Лисица и ворона», верш «Вясна».

**«У Альбуці, калі мне было 12 гадоў, я пачаў прабаваць і свае літаратурныя сілы. Памятаю, прачытаў бацьку свой верш «Вясна». Ён праслухаў уважліва, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў рубель гасцінца».

Пасля заканчэння народнай школы жыве ў Альбуці, дапамагае бацькам у гаспадарцы. Рыхтуецца да паступлення ў настаўніцкую семінарыю. Чытае Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Кальцова… Прыблізна ў 1896—1897 гг. напісаны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». У аўтографе ёсць паметка: Запісаў Карусь Лапаць.

У жніўні 1898 г. паступае ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля яе заканчэння (1902 г.) працуе настаўнікам на Палессі і Міншчыне (1902-1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. - у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-ім прыходскім вучылішчы ў Пінску.

Самыя раннія вершы, напісаныя на рускай мове, пазначаны 1898 г. Першым апублікаваным вершам з'яўляецца "Наш родны край" (1906 г., газета "Наша доля"). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае выданне ў 1982

Многія вершы Я.Коласа пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей - паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Аўтар п'ес «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20- я гад ы ), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця» (1917).

Колас выступаў як паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік і педагог, публіцыст, крытык, перакладчык. Памёр у 1956 г .

 

свернуть

Янка Купала

Я́нка Купа́ла, сапраўднае імя Іва́н (Ян) Даміні́кавіч Луцэ́віч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальварак Вязынка, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць — 28 чэрвеня 1942, Масква) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі (1928), АН Украіны (1929). Адлюстраваў характар і светаразуменне беларускага народа[5], стварыў яркія вобразы сялянскага быту і гістарычнага мінулага. Жанрава-стылявыя формы, увасобленыя ім, сталі класічнымі асновамі беларускай лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі[6]. У позніх творах дамінуе тэма ўслаўлення савецкай рэчаіснасці.
развернуть

Янка Купала

 


З любой вандроўкі Янка Купала прывозіў не сувеніры, а звычайныя каменьчыкі. Памятаў, адкуль кожны з іх, любіў перабіраць.З часам у мінскім асяроддзі інтэлігентаў распаўсюдзілася гэта мода. Напрыклад,дома ў Петруся Броўкі таксама захоўвалася падобная калекцыя каменьчыкаў.

Іван Луцэвіч, якога мы больш ведаем як Янку Купалу, быў тым чалавекам, які ў многім прадвызначыў шляхі развіцця беларускай культуры ў ХХ і ХХІ стагоддзях. Гэта ўнікальная асоба, якая стварыла самабытную прастору ў сусвеце прыгожага пісьменства.

 Янка Купала перажыў цяжкія часы: перыяд нацыянальнага адраджэння на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, Першую сусветную вайну, тры рэвалюцыі, Грамадзянскую вайну, складаны час станаўлення савецкай улады, пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Іван Дамінікавіч Луцэвіч нарадзіўся ў вёсцы Вязынка, што недалёка ад Заслаўя, 7 ліпеня 1882 года. Бацькі пісьменніка арандавалі маёнткі ў розных мясцінах і часта пераязджалі. Атрымаўшы пачатковую адукацыю, Іван Луцэвіч мусіў заняцца гаспадаркай, бо памёр бацька.

Першыя вершаваныя спробы былі па-польску, але знаёмства з Ядвігіным Ш. перавярнула свядомасць будучага паэта: «Гэта была для мяне вялікая падзея, бо я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску». Пасля выхаду першага зборніка «Жалейка» (1908) Купалу запрасілі на працу ў «Нашу ніву».

У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца i ў наша аконца» выйшла першая кніга Янкі Купалы «Жалейка». Сучасная даследчыца Ірына Багдановіч адзначыла: «Вобраз селяніна ў вершах “Жалейкі” далёкі ад таго забітага і пакорлівага тыпу, якім прызвычаіліся апісваць яго некаторыя гісторыкі “паўночна-заходняга краю царскай Расіі”. Селянін шукае віноўных у сваім бяспраўі, у ім выспявае жаданне барацьбы». І калі для беларусаў Купала быў паэтам першай велічыні, то для імперскіх чыноўнікаў яго творчасць выглядала небяспечна.


Янка Купала «...рэзка нападае на сучасны несправядлівы, па яго меркаванні, парадак рэчаў, пры якім можа існаваць, з аднаго боку, задаволенае, сытае і забяспечанае жыццё адных людзей, з другога — працоўнае, але, нягледзячы на гэта, поўнае нястач i нэндзы жыццё сялян. Глыбока жальбуе аўтар і аб тым, што народ не карыстаецца той свабодай, пры якой жыццё яго не магло быць такім няшчасным і беспрасветным» (З дакладной запіскі члена камітэта па справах друку пасля арышту кнігі). .

 

З успамінаў. «У тыя часы Янка Купала меў сталую працу ў бібліятэцы-пажычальні Даніловіча (пажычальня — грамадская бібліятэка, у адрозненне ад хатняй або прыватнай. — Аўт.), а ў “Нашай ніве” меў дапаможную працу... за перагляд і падгатоўку вершаў у “Нашу ніву” меў месца ў канторы для свайго раскладнога ложка... і пенсію» (Вацлаў Ластоўскі. «Успаміны аб Янку Купалу»)..

У хуткім часе паэт з’ехаў у Пецярбург, дзе навучаўся на агульнаадукацыйных курсах А. Чарняева (1909—1913). Жыў у кватэры прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Калі ў кватэру прафесара прыходзілі госці, то, паводле ўспамінаў Паўліны Мядзёлкі, «заўсёды з нецярплівасцю чакалі прыходу Янкі Купалы. <...> Не вельмі гаваркі ў часе шумных спрэчак, заўсёды сур’ёзны, Янка Купала ўважліва прыслухоўваўся да выказаных думак, час ад часу падаючы кароткія і трапныя заўвагі». У раздзеле «Світанак» кнігі «Кругі» Ян Скрыган успамінаў: «За час работы ў газеце я заўважыў адну характэрную рысу ў Янкі Купалы. Ён ніколі ці бадай што ніколі не прыносіў сваіх вершаў і не браў за іх ганарару. Усё гэта рабіла за яго цётка Уладзя. Ён жа звычайна заходзіў пасядзець, пагаварыць, папытацца, як пажываем. І тут жа каля яго збіраўся цэлы гурт. <…> Я ніколі не бачыў, каб Купала хадзіў адзін — вечна за ім цэлы хвост маладых. <…> А ён наперадзе. Твар шчаслівы, харошы, сяды-тады прабяжыць па ім усмешка».

У вольныя вечары наведваў тэатры, рыхтуючыся да ўласнага драматургічнага дэбюту: у Пецярбургу былі напісаны драматычная паэма «Сон на кургане» (1910), п’есы «Паўлінка» (1912) і «Раскіданае гняздо» (1913).

У 1913—1915 гадах Янка Купала быў рэдактарам газеты «Наша ніва». Потым з’ехаў у Маскву, дзе ў пачатку 1916 года ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч.

Навукоўцы гавораць. Дзеля сцвярджэння беларускай ідэі Янка Купала развітаўся ва ўласнай творчасці са сваім шляхецтвам, якое атаясамлівалася з польскасцю, і заявіў: «Я — мужык-беларус, пан сахі і касы». Дзеля сцвярджэння той жа беларускай ідэі ён развітваецца і з самой іпастассю паэта-творцы. Жыццёва неабходна было рашуча заявіць: «Я не паэта, о крый мяне Божа, не рвуся я к славе гэткай нямала». І гэта зрабіў Купала (Паводле Жанны Некрашэвіч-Кароткай)..

Перыяд паміж Кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 года і пачаткам Другой сусветнай вайны стаў адным з самых нялёгкіх у жыцці паэта. Гэта быў час, калі востра паўстала пытанне прыняцця або непрыняцця новых парадкаў. Усе гістарычныя падзеі Янка Купала ўспрымаў як адданы Беларусі чалавек. У гэты час на Радзіме адна за адной змяняліся ўлады, а Купала заставаўся верным ідэі незалежнасці Беларусі, каб беларусы маглі «людзьмі звацца».

У творчасці Янкі Купалы перыяды аптымізму змяняліся днямі дэпрэсій і сумненняў, вынікам якіх з’явіліся алегарычныя творы «Сон», «Млечны Шлях», «Спадчына», «Паязджане» і інш. У аўтабіяграфіі 1919 года, дасланай Яўхіму Карскаму, Купала пісаў: «У душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад». 

З успамінаў. «Ён, ад прыроды надзелены ўжо замкнутым характарам, яшчэ больш замкнуўся ў сабе, схаваўся ў нейкую зверхнюю халоднасць і, я сказаў бы, нават жорсткасць» (Вацлаў Ластоўскі. «Успаміны аб Янку Купалу»).

У 1920—1930-я гады Янка Купала актыўна займаўся грамадскай працай: быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута беларускай культуры, удзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). За ўклад у літаратуру Янка Купала ў 1925 годзе атрымаў званне «Народны паэт БССР» і стаў першым, хто так быў ушанаваны.

«Народны паэт» — гэта ганаровае званне, якое прысвойвалася паэтам за асаблівыя заслугі ў паэтычнай дзейнасці, напісанне высокамастацкіх твораў, значны ўклад у айчынную літаратуру і шырокае грамадскае прызнанне. 

Пасля Янкі Купалы гэта званне атрымалі Якуб Колас (1926), Пятрусь Броўка (1962), Аркадзь Куляшоў (1968), Максім Танк (1968), Пімен Панчанка (1973), Ніл Гілевіч (1991), Рыгор Барадулін (1992).

У 1930-я гады нязгода са спыненнем беларусізацыі вылілася ў тое, што паэт на нейкі час перастаў пісаць. Націск на беларускую інтэлігенцыю закрануў Купалу толькі ўскосна, але гэта надзвычай моцна яго параніла псіхалагічна. Да таго ж суправаджалася шальмаваннем яго творчасці ў друку. Лукаш Бэндэ1 так пісаў пра паэта ў 1932 годзе: «Такім чынам, і Янка Купала, і Якуб Колас у першыя гады пасля сканчэння грамадзянскай вайны яшчэ не ўспрымаюць перамогу рабочых і сялян над сваімі ворагамі, не мірацца з фактам існавання пралетарскай дыктатуры, дзе рабочыя і сяляне Беларусі з’яўляюцца “самі сабе гаспадарамі”, а застаюцца яшчэ на буржуазна-нацыяналістычных пазіцыях».

Восенню 1941 года Янка Купала разам з жонкай пераехаў у Татарстан, куды быў эвакуіраваны Саюз пісьменнікаў БССР. Адтуль ён адзін накіраваўся ў сваё апошняе падарожжа ў Маскву. Адправіў жонцы тэлеграму, што даехаў добра і ўдакладніў адрас: гасцініца «Масква», нумар 414. 28 чэрвеня 1942 года Янка Купала ўпаў у лесвічны пралёт у гасцініцы і разбіўся. А 30 чэрвеня не стала яго маці Бянігны Іванаўны. Пісьменнік не дажыў да свайго 60-гадовага юбілею некалькі дзён.

У гэты час Мінск быў акупаваны, таму паэта пахавалі на Ваганькаўскіх могілках у Маскве. У 1962 годзе прах Янкі Купалы быў перавезены ў Беларусь і змешчаны побач з магілай яго маці на Вайсковых могілках у Мінску.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Янка Купала асэнсаваў і з вялікай мастацкай сілай увасобіў у слове трагедыю народа, якому адмаўлялі ў праве называцца нацыяй і мець дзяржаўнасць. А пясняр абвясціў гэта права, пішучы пра беларускі народ як пра цэласнасць.

2. Янка Купала абуджаў чалавечую годнасць сялян, ён заклікаў «людзьмі звацца» беларусаў, якія былі ўпэўнены, што нічога ў жыцці змяніць нельга. Паэт і вершамі, і ўласным прыкладам паказаў чытачам, што жыццё можна змяніць, калі прыкласці намаганні. Яго раннія нашаніўскія вершы займелі надзвычайны розгалас з прычыны агульнай рэвалюцыйнай сітуацыі ў Расійскай імперыі, у склад якой тады ўваходзіла тэрыторыя Беларусі.

3. Тэму сялянскага жыцця, якую Францішак Багушэвіч раскрываў на рэальна-побытавым узроўні, Янка Купала ўзняў да філасофскага абагульнення. З сялянскага паэта ён вырас у паэта нацыянальнага.

4. Янка Купала — апявальнік выключнага, таму сярод яго герояў шмат людзей надзвычайнага лёсу: да вядомых у літаратуры вобразаў беззямельнага, сіраты, жабрака ён дадаў рамантычныя вобразы бунтара, які паўстае супраць сацыяльных абставін, і апантанага чалавека, якога не разумее народ (паэма «Сон на кургане»).

5. Паэзія класіка надзвычай багатая ў эстэтычным плане: хоць па светаадчуванні Янка Купала — паэт-рамантык, у яго творах ёсць праявы не толькі рамантызму (верш «Цару неба й зямлі», паэма «Курган»), але і неарамантызму (паэма «Магіла льва»), і сімвалізму (верш «Паязджане», паэма «Адвечная песня»).

6. Як драматург Купала даў узоры драмы («Раскіданае гняздо»), камедыі («Паўлінка»), трагікамедыі («Тутэйшыя»). Распрацаваў новы для беларускай літаратуры жанр — драматычную паэму.

Адным словам, Купала быў не толькі паэтам-дэмакратам, песняром мужыцкай нядолі, але і паэтам-філосафам, які мысліў у планетарным маштабе і звяртаўся да праблем глабальнай значнасці: «прарок і натоўп», «паэт і народ», «нацыя і сусвет», а таксама да пытанняў пра чалавечае існаванне, прызначэнне жыцця, чалавечую долю і лёс (Паводле Пятра Васючэнкі).

 

свернуть

Пазнай паэтаў

ПСЕЎДАНІМЫ ПІСЬМЕННІКАЎ

ПСЕЎДАНІМЫ ПІСЬМЕННІКАЎ

Цішка Гартны – Зміцер Хведаравіч Жылуновіч
Ядвігін Ш. – Антон Іванавіч Лявіцкі
Янка Купала – Іван Дамінікавіч Луцэвіч
Янка Лучына – Іван Люцыянавіч Неслухоўскі
Якуб Колас – Кастусь (Канстанцін) Міхайлавіч Міцкевіч
Цётка – Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч
Гаўрыла з Полацка – Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч
Максім Танк – Яўген Іванавіч Скурко
Кандрат Крапіва – Кандрат Кандратавіч Атраховіч
Янка Маўр – Іван Міхайлавіч Фёдараў
Кузьма Чорны – Мікалай Карлавіч Раманоўскі
Адам Глобус – Уладзімір Вячаслававіч Адамчык
Язэп Пушча – Іосіф Паўлавіч Плашчынскі
Змітрок Бядуля – Самуіл Яфімавіч Плаўнік
Максім Лужанін – Аляксандр Амвросьевіч Каратай
Мацей Бурачок – Францішак Бенядзі́кт Багушэвіч
Сымон Рэўка з-пад Барысава - Францішак Бенядзі́кт Багушэвіч
Уладзіслаў Сыракомля – Людвік Кандратовіч
Кастусь Каліноўскі – Яська-гаспадар з-пад Вільні
Янка Лучына – Іван Люцыянавіч Неслухоўскі
Цішка Гартны – Зміцер Жылуновіч
Карусь Каганец – Казімір Кастравіцкі
Канстанцыя Буйло – Канстанцыя Калечыц
Власт – Вацлаў Ластоўскі
Змітрок Бядуля – Самуіл Плаўнік
Максім Беларус – Максім Гарэцкі
Міхась Зарэцкі –Міхась Яўхімавіч Касянкоў
Андрэй Мрый – Андрэй Антонавіч Шашалевіч

 

свернуть