РУС БЕЛ ENG

Уладзімір Корбан

                                 Уладзімір Іванавіч Корбан

25 жніўня 1910 года ў пасёлку Барань, што на Аршаншчыне, нарадзіўся вядомы беларускі паэт-сатырык Уладзімір Іванавіч Корбан. Першыя  літаратурныя творы ён надрукаваў у 1945-м, а ўжо праз тры гады быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Амаль два дзесяцігоддзі Уладзімір Іванавіч працаваў у часопісе «Вожык», а ў 1967—1971 гадах быў яго галоўным рэдактарам. У 1970-м яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры». У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. Аўтар шматлікіх зборнікаў сатырычных вершаў, баек і фельетонаў (чатыры кнігі пабачылі свет у «Бібліятэцы «Вожыка» — «Дакладныя прыкметы» (1958), «Сіняк» (1964), «Дзям’янава юшка» (1970), «Жук і мёд» (1980)), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982).

«Дакладныя прыкметы» сваіх герояў У. Корбан ведаў, як ніхто іншы. Пэўна, таму такой папулярнасцю карысталіся ў чытачоў яго байкі, якія і сёння гучаць, нібы толькі што напісаныя.

(Дарэчы, у 2010 годзе напрыканцы верасня на Аршаншчыне праходзілі юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю знакамітага байкапісца. Адбыліся сустрэчы з чытачамі Аршанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі ў г. п. Бабінічы і аршанскай бібліятэкі імя У. Корбана, у маляўнічым бараньскім сасновым парку прайшло тэатралізаванае гарадское свята «Наш славуты зямляк», а ў зале Палаца культуры г. Барані — галоўная юбілейная вечарына. Дзякуючы тагачаснаму старшыні гарвыканкама г. Барані Васілю Русакову, у скверы каля сярэдняй школы № 15 г. Барані, якая носіць імя У. І. Корбана, з нагоды стогадовага юбілею слыннага творцы была пасаджана новая алея, а таксама зроблены і адкрыты Памятны знак у гонар У. Корбана. Планавалася, што гэты камень у будучым стане падмуркам помніка знакамітаму сатырыку.